Народная назва гэтай рыбы - піскун, бо ён з піскам глытае паветра. Даўжыня рыбы 16-25 см. Цела ва ўюна выцягнутае, сціснутае з бакоў. На галаве 5 пар вусікаў. Спіна бурая, з цёмнымі плямамі, бруха жоўтае. Корміцца чарвякамі, лічынкамі насякомых. Уюн можа доўга заставацца без вады: зарываецца ў глей на глыбіню 1-2 м і пагружаецца ў спячку. Уюн можа дыхаць не толькі жабрамі, але і з дапамогай скуры і кішэчніка. Гэтая рыба здольная да 3 км рухацца па роснай траве з вадаёма ў вадаём. Жывуць уюны да 10 гадоў. “Віцца ўюном” – значыць, выкручвацца, хітрыць.