Драпежная прэснаводная рыба. Жыве звычайна ў прыбярэжнай зоне, у водных зарасніках. Даўжыня цела да 1 м, маса да 8 кг, але бываюць асобіны і да 1,5 м і 35 кг. Афарбоўка ў шчупакоў зменлівая, яна залежыць ад асяроддзя і бывае шэра-зеленаватая, шэра-жаўтаватая, шэра-бурая. На баках – буйныя бурыя ці аліўкавыя плямы, якія ўтвараюць папярочныя паскі. Корміцца шчупак пераважна рыбай. Здабычу глытае толькі ў кірунку з галавы. Калі шчупак схапіў яе ўпоперак цела, перад тым як заглынуць, ён хутка разварочвае здабычу галавою ў глотку. Жыве да 25 гадоў.